Місія ЮНЕСКА/МСАП пацвердзіла негатыўны ўплыў польскага плота на экасістэмы ў Белавежскай пушчы

Рэактыўная маніторынгавая місія ЮНЕСКА/МСАП пацвердзіла негатыўны ўплыў плота, збудаванага Польшчай, на экасістэмы ў Белавежскай пушчы. Аб гэтым на прэс-брыфінгу заявіў першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.


З 24 па 26 сакавіка бягучага года ў трансгранічным аб’екце сусветнай спадчыны ЮНЕСКА “Белавежская пушча” працавала рэактыўная маніторынгавая місія, у склад якой увайшлі два міжнародныя эксперты з ЮНЕСКА і МСАП. З беларускага боку ў ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі і кіраўніцтва сістэмы Мінпрыроды, Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Камітэта дзяржкантролю Беларусі, аддзяленняў КДК Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і іншыя.

Маніторынгавая місія арганізуецца ў рамках выканання рашэння, прынятага на
45-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў мэтах правядзення ацэнкі ўздзеяння загараджальнага збудавання, узведзенага Польшчай на граніцы з Беларуссю, якая праходзіць у тым ліку па тэрыторыі трансгранічнага аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА “Белавежская пушча”, на экасістэмы гэтага аб’екта.

«Для гэтага эксперты два дні абследавалі ўчасткі, якія прымыкаюць да агароджы на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, – распавёў Аляксандр Корбут. – Гэтаму папярэднічала працяглая, на працягу трох гадоў, праца беларускага боку з усімі міжнароднымі арганізацыямі. Як толькі з’явілася інфармацыя аб тым, што польскі бок збіраецца будаваць загароду ўздоўж беларуска-польскай мяжы, разрэзаўшы тым самым адзіны комплекс “Белавежская пушча”, Беларусь неадкладна разгарнула працу на міжнародных пляцоўках. Мінпрыроды, а таксама іншыя арганізацыі, звярталіся ў розныя міжнародныя структуры з просьбай аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання. Толькі ЮНЕСКА, як добрасумленная і непрадузята выконваючая свае абавязкі арганізацыя, усвядоміла маштаб трагедыі і прыняла рашэнне аб накіраванні рэактыўнай маніторынгавай місіі. Мінпрыроды запрашала і польскі бок паўдзельнічаць у працы місіі на нашай тэрыторыі, мы таксама былі гатовы выехаць на польскі бок Белавежскай пушчы. На жаль, палякі не адгукнуліся на нашу прапанову. Міжнародныя эксперты працавалі асобна з польскім і беларускім бокам».

Паводле яго слоў, занепакоенасць Беларусі пагаршэннем стану экасістэм Белавежскай пушчы ў сувязі з негатыўным уздзеяннем загараджальнай пабудовы пацвярджаецца.

«Як з беларускага боку, так і з боку міжнародных экспертаў абазначаны чатыры асноўныя галіны негатыўнага ўздзеяння. Гэта фрагментацыя ляснога комплексу і ахоўных месцаў пасялення, разрыў трансгранічных экалагічных сувязяў, а таксама парушэнне гідралагічнага рэжыму, звязанага з парушэннем натуральных прыродных працэсаў побач з участкамі рэк Нараў, Нараўка, Правая Лясная і іншых, што ўжо прывяло да падтаплення лясоў, і, на жаль , гэтая сітуацыя будзе толькі пагаршацца», – распавёў першы намеснік Міністра.

Чацвёртая вобласць – блакіраванне шляхоў міграцыі жывёл.«Тыя праходы, якія прадугледжаны загародай, нельга назваць праходамі для перамяшчэння жывёлін. Праходы для дробных млекакормячых павінны быць не менш за 1 м вышынёй і 1,5 м у шырыню. На самай справе – гэта дзюры каля 10 см у дыяметры. Такі невялікі дыяметр азначае, што яны заўсёды будуць забітыя лісцем, галінкамі або зямлёй. На большасці тэрыторый, дзе праходзіць дарога, гэтыя ўчасткі поўнасцю засыпаны зямлёй. Недастаткова праходаў і для буйных жывёл, прычым яны зачыненыя з польскага боку. Адсутнічае рэгламент іх працы – нікому не вядома, калі яны будуць адкрыты і хто прымае рашэнне аб іх адкрыцці. Увогуле, праходы нефункцыянальныя, негатыўнае ўздзеянне на жывёльны свет вялікае», – заявіў Аляксандр Корбут.

Акрамя гэтага, сур’ёзнай праблемай з’яўляецца знішчэнне жывога надглебавага покрыва пры правядзенні будаўнічых работ, а таксама высечка прылеглай паласы рэліктавага лесу і асобных дрэў на польскім баку Белавежскай пушчы.Дадзеныя аналізу беларускіх навукоўцаў паказваюць, што пры ўзвядзенні плота было высечана каля 2,6 га лясных насаджэнняў. Колькасць пашкоджаных дрэў у зоне будаўніцтва склала больш за 1,2 тыс. штук.”Вырубка асобных дрэў на польскай тэрыторыі аб’екта прадаўжаецца цяпер”, – звярнуў увагу прадстаўнік Мінпрыроды.

Таксама Аляксандр Корбут расказаў аб меркаванні экспертаў місіі па сітуацыі ў Нацыянальным парку. «Міжнародныя эксперты адзначылі, што Белавежская пушча доўгі час была цэласнай, адзінай і ўзаемазвязанай сістэмай. Выключная каштоўнасць Белавежскай пушчы заключаецца ва ўзаемасувязі жывёльнага і расліннага светаў на вялікіх тэрыторыях, не кранутых фундаментальнымі экалагічнымі працэсамі, падкрэслілі эксперты. З-за парушэння ўзаемазвязанасці дзвюх сістэм, асабліва ва ўмовах кліматычных змен, мы рэальна можам сутыкнуцца з усыханнем каштоўных лясоў у катастрафічных маштабах. Таму жыццёва важна аднавіць сувязь гэтых сістэм», – падкрэсліў ён.

Мінпрыроды ў рабоце з ЮНЕСКА будзе кіравацца двума прынцыпамі: “Дзве краіны – адзін лес”, “Навука і прырода па-за палітыкай”, сказаў на заканчэнне Аляксандр Корбут.

Інфармацыя БЕЛТА