
Штогод 21 сакавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень лясоў ці Сусветны дзень аховы лясоў. Тэма дня 2024 года – “Лясы і інавацыі: новыя рашэнні для лепшага свету”. Дэвіз звяртае ўвагу на тое, як сучасныя тэхналогіі ўзбагачаюць нашы магчымасці захоўваць і выкарыстоўваць лясы.
Ініцыятарам заснавання дадзенага экалагічнага свята ў 1971 годзе выступіла Еўрапейская канфедэрацыя сельскай гаспадаркі на XXIII Генеральнай Асамблеі ААН, ідэя была падтрымана Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб’яднаных Нацый (ФАО).
Першапачаткова было прынята рашэнне аб святкаванні гэтага дня менавіта ў дзень восеньскага раўнадзенства ў Паўднёвым паўшар’і і вясновага раўнадзенства ў Паўночным паўшар’і. Аднак, у 2012 годзе Генеральная Асамблея ААН сваёй рэзалюцыяй №67/200 ад 21 снежня 2012 г. зацвердзіла «адзначаць штогод 21 сакавіка Міжнародны дзень лясоў, як нагоду праінфармаваць грамадства аб важнасці захавання лясоў і для павышэння дасведчанасці аб іх значэнні».
Лясы – адно з самых значных прыродных багаццяў Беларусі, гонар нашай краіны і каштоўны рэсурс.Усе лясы ў рэспубліцы – выключна ўласнасць дзяржавы.
Беларусь па шэрагу ключавых паказчыкаў, якія характарызуюць лясны фонд, уваходзіць у першую дзясятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы. Лясы займаюць 40,1 працэнта тэрыторыі рэспублікі.
Гомельская вобласць з’яўляецца самай лясістай у краіне, у той жа час найбольш лясісты раён знаходзіцца ў Віцебскай вобласці – Расонскі.
Самыя распаўсюджаныя пароды дрэў у рэспубліцы – хвоя і бяроза. А сярэдні драўняны ўзрост – 57 гадоў.
На кожнага жыхара Беларусі прыпадае каля 9 тыс. квадратных метраў пакрытых лесам земляў.
У краіне аднаўляюць усе высечаныя насаджэнні. Такім чынам у рэспубліцы забяспечваецца невычарпальнасць лесакарыстання.
Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) у лясным фондзе Беларусі складае каля 1,6 млн га.
Менавіта на тэрыторыі ААПТ знаходзіцца самы буйны ў Еўропе масіў старажытнага (рэліктавага) лесу – Белавежская пушча, дзе ўзрост некаторых дрэў – каля 600 гадоў. Амерыканскі кантынент яшчэ не быў адчынены еўрапейцамі, а гэтыя дрэвы ўжо раслі.
Ад стану лясоў залежыць не проста наша здароўе, але і існаванне ўсяго жыцця на Зямлі. Таму зберагчы гэтае зялёнае багацце – адна з ключавых мэт цяперашняга і ўсіх наступных пакаленняў чалавецтва.