
На тэрыторыі трох участкаў установы створаны і працуюць вытворчыя цэхі па дрэваперапрацоўцы. «Яны ў поўнай меры забяспечаны сыравінай уласнай вытворчасці. Лес бярэм у эксперыментальна-гаспадарчай зоне. У абавязковым парадку праводзім яго радыяцыйнае абследаванне, на падставе якога праводзім далейшую высечку, лесаматэрыялы паступаюць у цэхі», – распавёў дырэктар запаведніка Аляксей Цішкавец.
У мінулым годзе перапрацавана каля 12 тыс. кубаметраў круглага лесу, атрымана 6,5 тыс. кубаметраў пілапрадукцыі, якую рэалізавалі на ўнутраны рынак, а таксама на экспарт у Расію. «Са збытам праблем няма, рынак ажывае. Заказ у асноўным фарміруюць расійскія партнёры. 200-210 кубаметраў прадукцыі за месяц. З 1 ліпеня плануем нарасціць гэты аб’ём. Для гэтага ў запаведніку ёсць усе ўмовы, магутнасці, працоўныя рэсурсы», – падкрэсліў кіраўнік установы.
У гэтым годзе працягваецца мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых цэхаў. Так, на тэрыторыі Хойніцкага ўчастка запусцілі істужачнапільны станок. Гэта дасць магчымасць па выніках года павялічыць аб’ём перапрацоўкі круглага лесу на 4 тыс. кубаметраў. «Адпаведна будзе прырост пілапрадукцыі, што адаб’ецца і на выручцы. Дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю гэтага станка мы дадаткова стварылі восем працоўных месцаў – людзі працуюць на пілараме. І гэта толькі пачатак. Перспектывы дакладна пазначаны, у планах – далейшая мадэрнізацыя. Так, на Брагінскі ўчастак будзе набыта новая больш вытворчая піларама. Плануем павялічыць аб’ём лесапрадукцыі з 12 тыс. кубаметраў да 16 тыс.», – акрэсліў ён перспектывы.

Таксама на тэрыторыі запаведніка вядзецца такая эксперыментальная дзейнасць, як пчалярства, конегадоўля, рыбалоўная гаспадарка, экскурсійны кірунак. Акрамя таго, на базе Хойніцкага ўчастка ўстановы функцыянуе гадавальнік, дзе насельніцтва можа набыць саджанцы пладовых і дэкаратыўных раслін.
Па матэрыялах БЕЛТА