Ёсць пачуцці, якія не можа заглушыць час. Ёсць гукі, што пранізваюць цішыню дзесяцігоддзяў. Раз на 30 секунд сярод лесу ў Лагойскім раёне раздаецца звон. Гэта Хатынь гаворыць з намі.
22 сакавіка 1943 года тут спыніўся час. 149 жыццяў ператварыліся ў попел за адзін страшны поўдзень. Тут няма звыклага вясковага шуму. Толькі бетонныя абеліскі-коміны там, дзе калісьці стаялі дамы, і адчыненыя брамы, у якія ўжо ніхто не ўвойдзе.
22 сакавіка, у 83-ю гадавіну трагедыі, супрацоўнікі Цэнтра ў складзе дэлегацыі Мінпрыроды прынялі ўдзел у памятных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Агульнае шэсце, кветкі ля Вечнага агню і хвіліна маўчання — усё гэта памяць, якую важна захоўваць. Пра людзей, чые жыцці абарваліся ў полымі. І пра нашу агульную адказнасць берагчы мір. Памятаем. Кожнага.




