Экалагічная культура – адказнасць кожнага

Ахова навакольнага асяроддзя пачынаецца задоўга да таго, як мы бачым чыстую раку, захаваны і дагледжаны лес або добраўпарадкаваную тэрыторыю. Яна пачынаецца з ведаў, усвядомленага выбару і разумення таго, як нашы рашэнні і дзеянні ўплываюць на прыроду.

Для спецыялістаў, якія працуюць у сферы аховы навакольнага асяроддзя, адказнае стаўленне да прыроды з’яўляецца часткай прафесійнай дзейнасці. У Цэнтры гэта праяўляецца ў правядзенні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў, экалагічнай асвеце. Таму тэма АДІ «Экалагічная культура – адказнасць кожнага» асабліва блізкая і актуальная для Цэнтра.

Напярэдадні АДІ гэтую важную тэму абмеркавалі ў нашым працоўным калектыве: перад калегамі выступілі дырэктар Таццяна Дубік і начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Юрый Лугаўцоў. У цэнтры ўвагі быў галоўны тэзіс: экалагічная культура фарміруецца не толькі дзякуючы дзяржаўным рашэнням, прыродаахоўным мерапрыемствам і прафесійнай дзейнасці спецыялістаў, яна складаецца з паводзін кожнага чалавека.

Эканоміць ваду і электраэнергію, разумна ставіцца да спажывання, сартаваць адходы, не пакідаць смецце пасля адпачынку на прыродзе, удзельнічаць у азеляненні тэрыторый, выбіраць экалагічныя спосабы перамяшчэння, несці адказнасць за братоў нашых меншых – усе гэтыя простыя дзеянні паступова становяцца карыснымі звычкамі.

Чым больш адказна мы ставімся да прыроды сёння, тым больш магчымасцей захаваць яе багацце для будучых пакаленняў!