26 красавіка — Дзень чарнобыльскай трагедыі

26 красавіка 2026 года спаўняецца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — адной з самых маштабных тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. Ноч, якая падзяліла час на «да» і «пасля», стала трагедыяй для многіх рэгіёнаў і пакаленняў.

Для Беларусі наступствы аказаліся асабліва цяжкімі. Каля 70% радыеактыўных выпадзенняў прыйшлося менавіта на яе тэрыторыю. Было забруджана больш за 20% сельскагаспадарчых зямель і значная частка лясоў, пацярпелі тысячы населеных пунктаў. З карты краіны зніклі сотні вёсак — людзі назаўсёды пакінулі свае дамы, страціўшы звыклы лад жыцця, карані і пачуццё бяспекі.

Чарнобыльская трагедыя змяніла лёсы мільёнаў. За сухімі лічбамі — рэальныя чалавечыя гісторыі: страчанае здароўе, вымушанае перасяленне, гады трывогі за будучыню сваіх дзяцей. На працягу чатырох дзесяцігоддзяў наша краіна паслядоўна пераадольвае наступствы аварыі — рэалізаваны маштабныя дзяржаўныя праграмы, накіраваныя на аднаўленне забруджаных тэрыторый і абарону насельніцтва. Гэтыя меры адыгралі ключавую ролю ў адраджэнні пацярпелых рэгіёнаў, вяртанні зямель у гаспадарчы абарот і паляпшэнні якасці жыцця людзей.

Але нават праз чатыры дзесяцігоддзі Чарнобыль застаецца не толькі старонкай гісторыі — гэта жывая памяць. Памяць пра мужнасць ліквідатараў, якія, рызыкуючы жыццём, спынілі распаўсюджванне катастрофы. Памяць пра тых, хто страціў здароўе і дом. Памяць, якая абавязвае. Гэта напамін усяму свету пра цану памылак, пра крохкасць прыроды і пра тое, як важна берагчы жыццё, здароўе і навакольнае асяроддзе. Чарнобыль вучыць адказнасці — перад сабой, будучымі пакаленнямі і ўсёй планетай.

25 красавіка, напярэдадні 40-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у Цэнтры адбылося ўшанаванне супрацоўнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі. Віктар Мурашка і Андрэй Сушчынскі атрымалі падзячныя лісты ад кіраўніцтва Цэнтра за ўклад, мужнасць і самаадданасць.

У працяг памятных падзей у НПЦ па геалогіі прайшло мерапрыемства «Праз 40 гадоў», арганізаванае Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на чале з намеснікам міністра Аляксеем Стасюкевічам. У ім прынялі ўдзел Віктар Мурашка і Андрэй Сушчынскі. Іх асабісты прыклад і ўклад нагадваюць пра мужнасць людзей, якія першымі сталі на шляху гэтай трагедыі. Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй ускладання кветак да памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля» ў парку Дружбы народаў.

Памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 40-годдзя аварыі, працягнуліся 26 красавіка. Дырэктар Цэнтра Таццяна Дубік сумесна з дэлегацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак, аддаўшы даніну памяці ахвярам трагедыі.